СЛАВІ́СТЫКІ ІНСТЫТУ́Т ПО́ЛЬСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К (Instytut Slawistyki PAN). Створаны ў 1954 у Варшаве як Ін-т славяназнаўства Польскай АН на базе Мовазнаўчай камісіі Акадэміі ведаў. З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: гісторыя славянства і літ. слав. моў, развіццё слав. гаворак. Мае аддзелы: беларусістыкі, русістыкі, украіністыкі, чэшскай і славацкай, праслав. моў, слав. анамастыкі, агульнай славістыкі, слав. л-р і інш. Разам з К-там мовазнаўства выдае квартальнік «Slavia Orientalis», штогоднікі «Rocznik Slawistyczny» («Славяназнаўчы штогоднік»), «Studia z Filologii Polskiej i Słowianskej» («Даследаванні з філалогіі польскай і славянскай»), «Pamętnik Słowiański» («Славянскія нататкі»), «Biuletyn Slawistyczny» («Славяназнаўчы бюлетэнь») і інш. Мае філіялы ў Кракаве, Познані, Гданьску. Сумесна з Інтам мовазнаўства АН Беларусі ў 1960-я г. праводзіў даследаванні польскіх рэгіянальных гаворак на Палессі, сімпозіумы па бел.-балта-слав. ізалексах. Да 1986 і з 1992 сумесна апрацоўваецца славістычная бібліяграфія, якая выдаецца ін-там. Выдадзены «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй М.​Бірылы і А.​Абрэмбскай-Яблонскай (1962), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.​Аксамітава і М.​Чурак (2000), кн. «Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія)» (1998).

І.​У.​Кур’ян.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)